ТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат трапічных шырот у Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі, як правіла, сухі і гарачы. Фарміруецца на працягу года пад уплывам абласцей павышанага ціску субтрапічных паясоў, пасатнай цыркуляцыі над акіянамі і дэпрэсіямі тэрмічнага паходжання над мацерыкамі. Адрозніваецца ўстойлівай перавагай малавоблачнага надвор’я, малой колькасцю ападкаў (звычайна менш за 200 мм за год), высокімі т-рамі паветра (ад 10 °C зімой да 35 °C летам). Тут знаходзяцца полюсы цяпла. Пераважаюць ландшафты пустынь і паўпустынь. У некат. класіфікацыях да Т.к. адносяць таксама клімат саваннаў (з рэзка выяўленым сухім зімовым і вільготным летнім сезонамі). Гл. таксама Пасатны клімат.

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)